Дотык да мінулага

Вандроўка па Уздзе п.п.XX ст.

Чысцюткай крыніцы велічнае жыцце і творчасць

  

Чысцюткай крыніцы велічнае жыцце і творчасць
 
Пасаджу каліну ў полі,
Пасаджу каліну ў полі,
Хай зялёная квітнее
на прыволлі,
Хай зялёная квітнее
на прыволлі.
Ты расці, расці, мая каліна,
Няхай цешыцца табой уся даліна.
Шыдлоўскі П.І.
 
Шыдлоўскі Павел Іванавіч… Сціпласць, такт, уменне пажартаваць з сябе, відаць, рэдкі дар сярод творчых людзей. Чалавек гатоў пахваліцца, што панясе два мяхі бульбы, хоць наўрад ці падужае, і ў той жа час цвяроза, нават крытычна аголіць слабыя бакі сваёй творчасці... пасмяецца з таго, чым учора даражыў.
Павел Іванавіч быў не проста арганізатарам ад бога, таленавітым ва ўсіх справах, за якія браўся, ён быў прыроджаным псіхолагам, да якога хадзілі за парадай цэлымі сем’ямі. Да Шыдлоўскага вяскоўцы ішлі як да доктара. Лячыў ён жартам, анекдотам, вясёлай гісторыяй, байкай, вершам... Людскі боль успрымаў як свой. Аптымізм, спагада, дабрыня, відаць, нарадзіліся з ім.
Не песціў лёс самародка зямлі Уздзенскай, калі юнак стругаў бервяно, адскочыла трэска і трапіла ў вока. У выніку, нягледзячы на ўсе намаганні дактароў, зрок амаль знік, а разам з ім развеяліся мары пра вучобу, паэзію, бо ён ужо тайна ад усіх пісаў вершы і нават асмеліўся паказаць Паўлюку Трусу і сваёй сяброўцы Сымонавай Вольцы, якую вылучаў з усіх прысынкаўскіх дзяўчат. У семнаццаць гадоў падкасіла бяда хлопца, не хацелася думаць, марыць, нават жыць. Але і сябры, і каханая дзяўчына не ацураліся хлопца, стала жонкаю, падарыўшы сямейнае шчасце, таварышам у творчых справах. 
Неяк Павел прапанаваў хлопцам і дзяўчатам развучыць новую песню.
Словы несні былі на дзіва простыя:
Ой ў саду вясною ранняй
Вецер голле стаў гайдадь,
Мы, брыгада маладая,
Выйшлі ў поле працаваць.
Матыў песні спадабаўся, і адразу ж пачалі песню развучваць. І, між іншым, зайздросны лёс ёй быў наканаваны. Песню запелі па ўсёй рэспубліцы. Першы поспех натхніў Паўла. На свет з’яўляліся новыя і новыя песні. Да яго прыязджалі паэты, кампазітары, дапамагалі паправіць словы, апрацаваць і запісаць на ноты музыку, але аснова заўсёды была Шыдлоўскага.
—У цябе, Павел, песень, як дзяцей, — жартавалі землякі.
Павел Іванавіч некалі расказаў такую легенду:
...«Хадзілі некалі па зямлі тры старцы, — згадалася расказаная неяк Паўлам Іванавічам легенда, — абышлі ледзь не ўвесь свет з краю ў край, усё шукалі, дзе б прыпыніцца, каб знайсці на старасць прытулак. Доўга хадзілі ці не, але прыйшлі, гэта, і да нас. Прыселі на камень ля Неманца, дзе з адной крынічкі бяруць пачатак Нёман і Лоша, прыслухаліся.
—Трава   спявае, — сказаў адзін.
—Гэта крыніца пяе, — запярэчыў другі.
Пачалі спрачацца, ледзь да бойкі не дайшло. I тады самы стары і сівы, які маўчаў, прылажыў вуха да зямлі. Доўга слухаў. Пасля падняўся.
—До спрачацца, — сказаў, — ніхто з вас не   ўгадаў. — Гэта зямля тут спявае...
Засталіся старцы ў нас, нікуды далей не пайшлі».
І праўда. Ці выпадкова з невялікага куточка гэтулькі паэтаў. 3 Нізка — Крапіва і Трус, з Вусы — Глебка, з Дуброўкі — Бялевіч, з Чурылава — Якімовіч... Зусім побач з Нізком, праз лес — Пясочнае — радзіма Астрэйкі і Русака. Можа і, праўда, зямля тут спявае.
…Але хутка стала не да жартаў. Пачалася вайна. Да Паўла Іванавіча партызаны заходзілі ў любы час ночы. Яго чуйнае вуха лавіла нават самы ціхі стук у шыбу... Ён дзяліўся навінамі, здабытымі звесткамі. Жонка пякла партызанам хлеб, мыла бінты.
Два гады Шыдлоўскі быў партызанскім сувязным. Адразу пасля вайны арганізаваў хор і працягваў пісаць песні. Праводзілі рэпетыцыі, выступалі з канцэртамі і ў сваёй, і ў суседніх вёсках. 
Жыццёвы шлях Паўла Іванавіча Шыдлоўскага – узор беззапаветнага служэння любімай справе, людзям. Шмат зрабіў для беларускай песні. З ёй і дзякуючы ёй стаў вядомы ён ва ўсёй рэспубліцы. На вясковых вечарынках, на сцэнах канцэртных залаў Палацаў культуры, у студыях радыё і тэлебачання гучалі яго таленавітыя песні пра родны край, пра любую дзяўчыну, пра вернасць шчырага сяброўства…  
А такая ўсім вядомая песня, як "Пасаджу каліну ў полі” і сёння з задавальненнем выконваецца шматлікімі прыхільнікамі беларускай песні.  Уласна кажучы, як і іншыя песні прысынкаўскага салаўя.
     У 1955 годзе ў Маскве павінна была адбыцца дэкада беларускай літаратуры і мастацтва. Быў аб'яўлены конкурс на лепшую песню, прысвечаную сталіцы савецкай Радзімы. Павел Іванавіч таксама вырашыў уключыцца ў конкурс. Недзе глыбока ў душы жыла мелодыя. Прайшоў час – з’явіліся і словы... Яны добра клаліся на музыку:
Калоссямі нівы шумяць залатыя,                   Мы нашую мудрую партыю славім,
І рэкі гамоняць між лоз.                                  Што нас к камунізму вядзе.
Прымі прывітанне, Масква дарагая,             Вядзі ж нас наперад у светлыя далі
Што я з Беларусі прынес.                               Хай песнямі поўніцца шыр.
Як вецер вяселы гамоніць над гаем,               З табою, Масква, мы на векі з’яднаны
Як золак праменні кладзе.                               У змаганні за шчасце, за мір.
Ён адчуваў, што песня атрымалася. 3 хваляваннем чакаў рашэнне журы. А неўзабаве Шыдлоўскі слухаў па радыё, як зводны хор (500 спевакоў!) пад кіраўніцтвам Цітовіча выконваў яго песню ў Маскве.
—  Гэта твая лепшая   песня, — згадаліся словы Генадзя Іванавіча, — зайздросны   лёс ёй наканаваны. Я б яе паставіў следам за «Бывайце здаровы» і «Лясной   песняй» Адама Русака.
     
Радзіма высока ацаніла заслугі Паўла Іванавіча. Самадзейны кампазітар, паэт, ён стаў заслужаным дзеячам культуры БССР. Як партызанскі сувязны ён узнагароджаны медалём "За адвагу”. Пасля вайны за песні атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Пра яго пісалі кнігі, здымалі фільмы, не абдзелены ён быў і журналісцкаю ўвагаю.  Ёсць, безумоўна,  шмат людзей з больш значнымі ўзнагародамі і званнямі, але Шыдлоўскі – адзін такі ў рэспубліцы.
І сёння, з нагоды 115-годдзя народзінаў, цёплым удзячным словам успамінаюць яго землякі.
 
Прапануем і вам атрымаць асалоду ад судакранання з чысцюткім бруістым талентам нашага самародка.
                      
***
Я спорту лепшага і ведаць не хачу:
З касой навостранай пабыць на сенажаці…
Хаця гады – касьба не па плячу,
Але сябе я адчуваю тут юначым.
Нагамі босымі ступаю ў бурштын росаў,
А сонца ўжо сыпнула гарачынь.
Як любы мне духмяныя пракосы,
І гэты спеў прысынкаўскіх жанчын.
 
***
Паміж бароў з квяцістымі лугамі
Красуе ў сонечным святле вясны
Мой край, што Уздзенскім названы.
З ім наша праца, думы, сны.
Зямля твая вядомая Радзіме.
Магутны Нёман з гордасцю бяжыць.
Вялікіх дум, паэтаў нарадзіла,
І людзям радасна тут жыць…
 
 
свернуть

5 чэрвеня – дзень памяці Еўфрасінні Полацкай

   

5 чэрвеня – дзень памяці Еўфрасінні Полацкай

Еўфрасіння Полацкая – адна з самых цікавых і шанаваных асоб у нашай гісторыі, нарадзілася на пачатку ХІІ ст. у Полацку. Прадслава, як назвалі бацькі будучую заступніцу беларускіх зямель, паходзіла з сям’і полацкіх князёў, але замест пажаданага дынастычнага шлюбу абрала манаскі лад жыцця. Яна тайна прыйшла ў манастыр і прыняла пострыг пад імем Еўфрасінні.

 

Спачатку маладая манашка пасялілася ў келлі Сафійскага сабора. За манастырскімі сценамі Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын таго часу ў Еўропе. Яна перапісвала і перакладала кнігі з іншых моў. Яе намаганнямі папаўнялася бібліятэка Сафійскага сабора.

 

Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова Еўфрасіння надала, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры. Там былі адчынены адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг. У створаных асветніцай школах юныя палачане, апрача царкоўна-славянскай, вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі веды з прыродазнаўства і медыцыны, значная ўвага надавалася гісторыі.

 

Еўфрасіння праславілася як першая беларуская мецэнатка. На яе сродкі была пабудавана царква святога Спаса – вяршыня полацкая дойлідскай школы. Па яе эскізу быў створаны ўнікальны шэдэўр старабеларускага прыкладнога  мастацтва – крыж, названы яе імем.

 

Прападобная Еўфрасіння Полацкая ўнесла неацэнены ўклад у захаванне духоўнага і нацыянальна-культурнага набытку беларускай зямлі, пакінуўшы нашчадкам мудрасць, асвету, яскравы прыклад бязмежнай любові да людзей.

 

Няхай справы беларускай асветніцы, прасякнутыя высокай духоўнасцю і любоўю, стануць узорам і стымулам для добрых спраў!

свернуть

У 2023 годзе спаўняецца 135 гадоў з часу заснавання метэаралагічнай станцыі ў маёнтку Наднёман Я.А. Наркевічам-Ёдка (1888)

У 2023 годзе спаўняецца 135 гадоў

з часу заснавання метэаралагічнай станцыі

ў маёнтку  Наднёман

Я.А. Наркевічам-Ёдка (1888)

 

 

                            

Што гаворыць сённяшняму жыхару Уздзеншчыны імя Якуба Наркевіча-Ёдкі? А яно ж было добра вядома ў ХІХ ст. як у Беларусі, так і за яе межамі – Берліне, Вене, Парыжы, Рыме. Пры жыцці гэтаму чалавеку былі нададзены высокія званні, тытулы і ўзнагароды. А ў 1896г. у Парыжы была нават выдадзена кніга пра жыццё і дзейнасць Я. Наркевіча-Ёдкі.

Нарадзіўся ў Менскай губерніі, паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў гербу "Ліс". Нашчадак у тым ліку роду Касцюшкаў па матчынай лініі. Скончыў Менскую гімназію (1865), працягваў навучанне ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене.

Перш чым стаць “электрычным чалавекам”, як празвалі яго французы, Якуб праславіўся музычным геніем. На гэтым гісторыя магла скончыцца: малады Наркевіч-Ёдка ездзіў па ўсёй Еўропе, на яго канцэрты хадзілі каралі… Але пасля прыгодаў у Еўропе Якуб вярнуўся дадому, у ціхі Наднёман, каб пачаць новую старонку ў жыцці.

Маёнтак ён ператварыў у суцэльную лабараторыю. У высокай, на 27 метраў, вежы абсталяваў метэастанцыю. У сутарэннях праводзіў эксперыменты з электрычнасцю.

Трэба сказаць, нямногія згаджаліся браць у іх удзел: часцей за ўсё эксперыменты праводзіліся ўначы, у цёмным пакоі і суправаджаліся сполахамі святла і трэскам. Сяляне адразу пачалі казаць пра сувязь пана з д’яблам; памешчыкі глядзелі на суседа скоса.

Большасць прыбораў, якімі карыстаўся, даследчык вынайшаў сам. Напрыклад, лізіметр – прыбор для замераў вільготнасці глебы. Або градаадвод, які ратаваў ураджаі наднёманскіх сялян. Праўда, сяляне думалі, што градаадводы адганяюць не толькі град, але і дажджы, і ў сухое надвор’е ламалі прылады.

У пачатку 1890-х гадоў Наркевіч-Ёдка вынайшаў апарат, які дазваляў чуць навальніцу за сотню кіламетраў: гэта быў прымач, які рэагаваў на электрычныя разрады ў атмасферы. Па факце, першае ў свеце радыё. Ёсць дакументальнае пацверджанне: пратакол з паседжання фізічнага таварыства ў Парыжы ў 1898 годзе, дзе запісана, што ідэя тэлеграфіі без правадоў належыць Якубу Наркевічу-Ёдку.

Ён быў знаёмы са многімі выдатнымі дзеячамі свайго часу. Чытаў лекцыі ва ўсіх вядучых універсітэтах свету. Сапраўдны геній, чалавек, які апярэдзіў свой час. Яго вынаходніцтвы  леглі ў аснову і сучаснай мабільнай сувязі.

Да вывучэння медыцыны спадара Якуба прывялі трагічныя абставіны. У 25 гадоў ад сухотаў памерла яго сястра. З таго часу ў сваёй дзейнасці ён стаў надаваць вялікую ўвагу лячэнню «слабагрудых» (туберкулёзных) хворых. У 1882 годзе непадалёк ад сваёй сядзібы адкрыў прыватны санаторый, дзе прымяняў вынайдзены ім новы спосаб лячэння — электратэрапію. У дапаўненне — сонечныя і паветраныя ванны, гімнастыка, мінеральная вада з мясцовай свідравіны, свежы кумыс. Для яго вытворчасці ў Наднёман завезлі з Башкірыі коней і спецыялістаў па вырабе цудадзейнага напою – кумысу.

5 тысяч бутэлек — пацыентам санаторыя і для раздачы мясцовым жыхарам. На летні сезон у Наднёман прыязжала шмат знатных асоб, але лячыў прафесар і сялян, прычым бясплатна.

Памёр Якуб Наркевіч-Ёдка 6 лютага 1905 года ў Вене падчас вяртання з навуковай вандроўкі. Цела нябожчыка  было перавезена ў Наднёман і пахавана на сямейных могілках.

За мінулыя дзесяцігоддзі з часу смерці вучонага навука і тэхніка зрабілі гіганцкі крок наперад.  І сёння ідэі нашага суайчынніка застаюцца актуальнымі і значнымі. Яны і зараз займаюць навуковую думку, розумы многіх вучоных. Вывучэнне навуковай спадчыны Я. А. Наркевіча-Ёдкі толькі пачалося, і таму ацэнка яго асобы яшчэ ў нейкай ступені ўмоўная. Але ўжо зараз можна сцвярджаць: гэта быў незвычайны вучоны. Аднавіць у поўнай меры яго імя – наш абавязак.

свернуть

Дотык да мінулага: спадчына роду герба “Лебедзь”

Дотык да мінулага:
спадчына роду герба “Лебедзь”

Вам не даводзілася ставіць сябе на месца нашых суайчыннікаў, што жылі некалькі  стагоддзяў таму? Задумвацца аб тым, дзе вы былі б у той час?

Кім вы лічыце іх, звычайнымі людзьмі? Героямі? Безразважнымі авантурнікамі? Вар’ятамі? Яны адказвалі на гэтыя пытанні сваімі лёсамі.  І найбольшую цікавасць выклікаюць людзі, што жылі ў родных мясцінах, бо яны хадзілі гэтымі ж сцежкамі, любаваліся гэтымі ж краявідамі.

Род Завішаў з тых, хто сваім жыццём абвяргае накінутую беларусам учэпістую думку, нібыта яны былі пазбаўленыя сваёй арыстакратыі. Дзякуючы яму наш край ўжо некалькі стагоддзяў мае свае непаўторныя адметнасці — на вялікі жаль, не ўратаваныя ад сучасных герастратаў- касцёл, піраміду і сядзібу.

Дык якімі ж людзьмі былі яны, гаспадары Узды і акаляючага наваколля? Якімі паўстаюць яны перад намі ў люстэрку гісторыі?

На старонках нашай новай рубрыкі мы запрашаем вас далучацца да спадчыны краю і слынных суайчыннікаў. Знаёмства першае – Казімір Завіша з роду герба “Лебедзь”.

Казімір Завіша служыў камергерам (шамбалянам) апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Камергер – асоба найбольш набліжаная да караля. Гэты чалавек асабіста кантраляваў допуск наведвальнікаў у каралеўскія пакоі, суправаджаў караля ва ўсіх падарожжах, удзельнічаў у кіраванні краінай.

Лёс наканаваў Казіміру цяжкія выпрабаванні, на яго вачах рушылася Радзіма, праз тры падзелы Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Пра яго палітычныя погляды нам нічога не вядома (ёсць толькі цікавыя здагадкі). Фактам засталося ўпамінанне прысягі Казіміра Завішы расійскай уладзе, захаванне зямельных уладанняў і прывілеяў дваранскага саслоўя ды залічэнне ў званні генерал-маёра на службу ў атрад фельдмаршала графа І. Салтыкова.


 У 1798 г. К. Завіша пабудаваў ва Уздзе драўляны касцёл у форме крыжа з вялікай вежай.

         

Галоўны фасад касцёла вылучаны манументальным чатырохкалонным порцікам з трохвугольным франтонам. Па адной восі з калонамі порціка да паверхні сцяны прымыкаюць паўкалоны на высокіх мураваных п’едэсталах. Уваходам у будынак служыць шырокі прамавугольны партал. Бакавыя фасады па цэнтры вылучаны рызалітамі, завершанымі на паверхні сцен у 2 рады. Галоўны алтар касцёла ўпрыгожваў вобраз Святой Ганны, а на хорах размяшчаўся вялікі арган. Уваходам у будынак служыць шырокі прамавугольны партал.

У 1930-я гады касцёл забраны пад клуб, з канца 1950-х гг. будынак выкарыстоўваўся як раённы цэнтр культуры.

У 2019 г. на таргах будынак быў прададзены мясцоваму прадпрымальніку на ўмове рэканструкцыі касцёла з захаваннем знешняга аблічча і гісторыка-стылістычных асаблівасцяў будынка.
Але, на жаль, у нашым гарадку стрэлка гадзінніка гісторыі нібы спынілася ... Зараз былы храм у страшэнным запусценні.

свернуть
Меню раздела