Дотык да мінулага
У 2023 годзе спаўняецца 135 гадоў з часу заснавання метэаралагічнай станцыі ў маёнтку Наднёман Я.А. Наркевічам-Ёдка (1888)

У 2023 годзе спаўняецца 135 гадоў
з часу заснавання метэаралагічнай станцыі
ў маёнтку Наднёман
Я.А. Наркевічам-Ёдка (1888)
Што гаворыць сённяшняму жыхару Уздзеншчыны імя Якуба Наркевіча-Ёдкі? А яно ж было добра вядома ў ХІХ ст. як у Беларусі, так і за яе межамі – Берліне, Вене, Парыжы, Рыме. Пры жыцці гэтаму чалавеку былі нададзены высокія званні, тытулы і ўзнагароды. А ў 1896г. у Парыжы была нават выдадзена кніга пра жыццё і дзейнасць Я. Наркевіча-Ёдкі.
Нарадзіўся ў Менскай губерніі, паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў гербу "Ліс". Нашчадак у тым ліку роду Касцюшкаў па матчынай лініі. Скончыў Менскую гімназію (1865), працягваў навучанне ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене.
Перш чым стаць “электрычным чалавекам”, як празвалі яго французы, Якуб праславіўся музычным геніем. На гэтым гісторыя магла скончыцца: малады Наркевіч-Ёдка ездзіў па ўсёй Еўропе, на яго канцэрты хадзілі каралі… Але пасля прыгодаў у Еўропе Якуб вярнуўся дадому, у ціхі Наднёман, каб пачаць новую старонку ў жыцці.
Маёнтак ён ператварыў у суцэльную лабараторыю. У высокай, на 27 метраў, вежы абсталяваў метэастанцыю. У сутарэннях праводзіў эксперыменты з электрычнасцю.
Трэба сказаць, нямногія згаджаліся браць у іх удзел: часцей за ўсё эксперыменты праводзіліся ўначы, у цёмным пакоі і суправаджаліся сполахамі святла і трэскам. Сяляне адразу пачалі казаць пра сувязь пана з д’яблам; памешчыкі глядзелі на суседа скоса.
Большасць прыбораў, якімі карыстаўся, даследчык вынайшаў сам. Напрыклад, лізіметр – прыбор для замераў вільготнасці глебы. Або градаадвод, які ратаваў ураджаі наднёманскіх сялян. Праўда, сяляне думалі, што градаадводы адганяюць не толькі град, але і дажджы, і ў сухое надвор’е ламалі прылады.
У пачатку 1890-х гадоў Наркевіч-Ёдка вынайшаў апарат, які дазваляў чуць навальніцу за сотню кіламетраў: гэта быў прымач, які рэагаваў на электрычныя разрады ў атмасферы. Па факце, першае ў свеце радыё. Ёсць дакументальнае пацверджанне: пратакол з паседжання фізічнага таварыства ў Парыжы ў 1898 годзе, дзе запісана, што ідэя тэлеграфіі без правадоў належыць Якубу Наркевічу-Ёдку.
Ён быў знаёмы са многімі выдатнымі дзеячамі свайго часу. Чытаў лекцыі ва ўсіх вядучых універсітэтах свету. Сапраўдны геній, чалавек, які апярэдзіў свой час. Яго вынаходніцтвы леглі ў аснову і сучаснай мабільнай сувязі.
Да вывучэння медыцыны спадара Якуба прывялі трагічныя абставіны. У 25 гадоў ад сухотаў памерла яго сястра. З таго часу ў сваёй дзейнасці ён стаў надаваць вялікую ўвагу лячэнню «слабагрудых» (туберкулёзных) хворых. У 1882 годзе непадалёк ад сваёй сядзібы адкрыў прыватны санаторый, дзе прымяняў вынайдзены ім новы спосаб лячэння — электратэрапію. У дапаўненне — сонечныя і паветраныя ванны, гімнастыка, мінеральная вада з мясцовай свідравіны, свежы кумыс. Для яго вытворчасці ў Наднёман завезлі з Башкірыі коней і спецыялістаў па вырабе цудадзейнага напою – кумысу.
5 тысяч бутэлек — пацыентам санаторыя і для раздачы мясцовым жыхарам. На летні сезон у Наднёман прыязжала шмат знатных асоб, але лячыў прафесар і сялян, прычым бясплатна.
Памёр Якуб Наркевіч-Ёдка 6 лютага 1905 года ў Вене падчас вяртання з навуковай вандроўкі. Цела нябожчыка было перавезена ў Наднёман і пахавана на сямейных могілках.
За мінулыя дзесяцігоддзі з часу смерці вучонага навука і тэхніка зрабілі гіганцкі крок наперад. І сёння ідэі нашага суайчынніка застаюцца актуальнымі і значнымі. Яны і зараз займаюць навуковую думку, розумы многіх вучоных. Вывучэнне навуковай спадчыны Я. А. Наркевіча-Ёдкі толькі пачалося, і таму ацэнка яго асобы яшчэ ў нейкай ступені ўмоўная. Але ўжо зараз можна сцвярджаць: гэта быў незвычайны вучоны. Аднавіць у поўнай меры яго імя – наш абавязак.
Дотык да мінулага: спадчына роду герба “Лебедзь”

Дотык да мінулага:
спадчына роду герба “Лебедзь”
Вам не даводзілася ставіць сябе на месца нашых суайчыннікаў, што жылі некалькі стагоддзяў таму? Задумвацца аб тым, дзе вы былі б у той час?
Кім вы лічыце іх, звычайнымі людзьмі? Героямі? Безразважнымі авантурнікамі? Вар’ятамі? Яны адказвалі на гэтыя пытанні сваімі лёсамі. І найбольшую цікавасць выклікаюць людзі, што жылі ў родных мясцінах, бо яны хадзілі гэтымі ж сцежкамі, любаваліся гэтымі ж краявідамі.
Род Завішаў з тых, хто сваім жыццём абвяргае накінутую беларусам учэпістую думку, нібыта яны былі пазбаўленыя сваёй арыстакратыі. Дзякуючы яму наш край ўжо некалькі стагоддзяў мае свае непаўторныя адметнасці — на вялікі жаль, не ўратаваныя ад сучасных герастратаў- касцёл, піраміду і сядзібу.
Дык якімі ж людзьмі былі яны, гаспадары Узды і акаляючага наваколля? Якімі паўстаюць яны перад намі ў люстэрку гісторыі?
На старонках нашай новай рубрыкі мы запрашаем вас далучацца да спадчыны краю і слынных суайчыннікаў. Знаёмства першае – Казімір Завіша з роду герба “Лебедзь”.
Казімір Завіша служыў камергерам (шамбалянам) апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Камергер – асоба найбольш набліжаная да караля. Гэты чалавек асабіста кантраляваў допуск наведвальнікаў у каралеўскія пакоі, суправаджаў караля ва ўсіх падарожжах, удзельнічаў у кіраванні краінай.
Лёс наканаваў Казіміру цяжкія выпрабаванні, на яго вачах рушылася Радзіма, праз тры падзелы Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Пра яго палітычныя погляды нам нічога не вядома (ёсць толькі цікавыя здагадкі). Фактам засталося ўпамінанне прысягі Казіміра Завішы расійскай уладзе, захаванне зямельных уладанняў і прывілеяў дваранскага саслоўя ды залічэнне ў званні генерал-маёра на службу ў атрад фельдмаршала графа І. Салтыкова.
У 1798 г. К. Завіша пабудаваў ва Уздзе драўляны касцёл у форме крыжа з вялікай вежай.
Галоўны фасад касцёла вылучаны манументальным чатырохкалонным порцікам з трохвугольным франтонам. Па адной восі з калонамі порціка да паверхні сцяны прымыкаюць паўкалоны на высокіх мураваных п’едэсталах. Уваходам у будынак служыць шырокі прамавугольны партал. Бакавыя фасады па цэнтры вылучаны рызалітамі, завершанымі на паверхні сцен у 2 рады. Галоўны алтар касцёла ўпрыгожваў вобраз Святой Ганны, а на хорах размяшчаўся вялікі арган. Уваходам у будынак служыць шырокі прамавугольны партал.
У 1930-я гады касцёл забраны пад клуб, з канца 1950-х гг. будынак выкарыстоўваўся як раённы цэнтр культуры.
У 2019 г. на таргах будынак быў прададзены мясцоваму прадпрымальніку на ўмове рэканструкцыі касцёла з захаваннем знешняга аблічча і гісторыка-стылістычных асаблівасцяў будынка.
Але, на жаль, у нашым гарадку стрэлка гадзінніка гісторыі нібы спынілася ... Зараз былы храм у страшэнным запусценні.